Ад душы і па-мастацку

Культура

Чатыры новыя муралы ў стылі “стрыт-арт” з’явіліся ў Валожыне.

Як расказаў галоўны мастак, магістр архітэктуры Аляксандр БЛАГІЙ, працуе ён яшчэ з шасцю мастакамі, якія таксама падтрымалі яго ініцыятыву “памаляваць для сябе” і робяць гэта задарма. Прафесіяналы супрацоўнічаюць па дамоўленасці з райвыканкамам і асабіста з начальнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандрам Сівым, які вызначае аб’екты тэхнічнага прызначэння, дзе ў далейшым і будуць намаляваны новыя графіці.

Больш за ўсё – тры манументальныя выявы – з’явіліся ў мікрараёне Папоўка. На адным з іх – тэма, блізкая для пажарных-выратальнікаў: прафілактыка вогненных здарэнняў і надзвычайных сітуацый. Сюжэты на іншых прапаноўвалі ўжо творчыя людзі. Тэмы прыходзілі самі па сабе – усё, як кажуць, залежала ад палёту фантазіі. Так, вобраз прыгожай дзяўчыны, якая глыбока пранізвае сваім позіркам, змаляваў з фатаграфіі Яўгеній Сасюра. Жартоўны восеньскі пейзаж з вясёлымі грушамі, што размясціўся на будынку каля моста, – справа рук самога Аляксандра Благія і Юліі Лазоўскай. А вось што будзе на чатырох сценах аб’екта каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу, Аляксандр прыдумваў на хаду. Вырашыў закрануць усім блізкую тэму бытавых адносін, выкарыстаўшы для гэтага “фірменныя” персанажы дзеда і бабулі. Хацелася перадаць штосьці роднае, – патлумачыў творца. – Вось сустрэліся ранкам ён і яна з роварам, а далей… хай кожны дадумвае сам”.

  Усяго сёлета ў райцэнтры запланавана размаляваць 400 квадратных метраў паверхні. У бліжэйшых планах – “апрануць” у каляровае адценне памяшканне на аўтастаянцы па вуліцы Беларускай насупраць другога дзіцячага садка: тут, па словах аўтара, будзе красавацца вобраз яго ўласнай кошкі ў смешнай сукенцы.

 Творцы спадзяюцца, што яркія малюнкі падабаюцца жыхарам і гасцям Валожына, бо ўсё гэта робіцца ад душы і дзеля нас. А яшчэ – яны натхняюць і надаюць запалу для новых работ.

Алена ЗАЛЕСКАЯ