Паклонімся мы школе нізка…

Год малой Родины

1969 год. 19-ы выпуск Узбалацкай васьмігадовай школы. У першым радзе трэцяя злева – Г. В. Кароль, настаўнікі – В. А. Грыбоўская, Л. М. Рындзевіч, Н. М. Сергіевіч.

Пераглядаю здымкі музейнага фотаархіва. На іх – школьныя будынкі 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя. У кожнага – свая гісторыя, свой лёс. Школы вясковыя і многія ўжо даўно не значацца ў сучасным спісе ўстаноў раёна. Вельмі шкада.

Добра разумею, што гэта рэаліі сённяшняга дня, але на сэрцы неяк прыкра, бо сама вучылася ў такой школе. І на ўсё жыццё захавала аб ёй толькі цёплыя і светлыя ўспаміны. У вясковай школе панавала нейкая асаблівая атмасфера – па-дамашняму цёплая і ўтульная. Я думаю, кожны сельскі вучань пагодзіцца са мной.

Школа!  У гэтым слове, дарагім і блізкім,Дзяцінства яснавокае жыве…Паклонімся мы школе   нізка-нізка За цеплыню і дабрыню яе!

 Школа на вёсцы была цэнтрам “вясковага сусвету”. Тут ладзіліся вечарыны, праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы, піянерскія зборы, літаратурныя чытанні… Для вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак мясцовая навучальная ўстанова была другім домам, дзе іх сустракалі мудрыя дарадцы-настаўнікі, якія, не ведаючы стомы, не шкадуючы сіл і часу, сеялі ў дзіцячых сэрцах разумнае, добрае, вечнае…

 Давайце разам успомнім таленавітых, творчых настаўнікаў, якія не толькі вучылі мясцовых дзяцей, але і падавалі добрыя жыццёвыя прыклады, бо жылі побач. Як яны толькі ўсё паспявалі? Праверыць сшыткі, перачытаць гару літаратуры, прадумаць ход урока, каб кожны вучань зразумеў складаны матэрыял, падрыхтаваць цікавыя заданні, напісаць планы… Акрамя работы, у кожнага з іх была сям’я, што дабаўляла хатніх клопатаў і турбот. Многія мелі прысядзібныя ўчасткі, трымалі дамашнюю жывёлу – гэта таксама аднімала шмат часу… Але яны паспявалі не толькі добра вучыць дзяцей, але і сеяць у душах і сэрцах сваіх вучняў зярняткі чалавечнасці.

На фотаздымку – калектыў педагогаў Узбалацкай васьмігадовай школы. У цэнтры – дырэктар установы Г. В. Кароль. Такіх людзей, як Галіна Васільеўна, называюць героямі свайго часу. Колькі добрых і значных спраў на рахунку гэтай невысокай і шчуплай жанчыны! Яна была ініцыятарам стварэння ў школе музея хлеба. Пад яе кіраўніцтвам чырвоныя следапыты ўстанавілі прозвішчы загінуўшых чырвонаармейцаў, якія пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Дворышча.

Пра заслугі Галіны Васільеўны неаднаразова пісалі саюзныя, рэспубліканскія і раённыя перыядычныя выданні. Сёння з асаблівай цеплынёй пра яе ўспамінаюць былыя вучні і калегі, бо добрага настаўніка не забываюць, пра яго памятаюць заўжды.

За добрасумленную працу Г. В. Кароль была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а ў 1968 годзе атрымала званне “Заслужаны настаўнік БССР”.

Такія ж шчырыя словы, поўныя павагі і любові, хачу адрасаваць усім былым настаўнікам Дубінской васьмігодкі. З удзячнасцю ўспамінаю свайго першага настаўніка Р. Ц. Цыганкова, класнага кіраўніка В. Л. Кароль, дырэктара школы В. А. Рамановіча. Яны патрацілі шмат сіл і намаганняў, каб мы выраслі дастойнымі людзьмі і абралі правільны жыццёвы шлях. Кожнае іх слова, усмешка, сур’ёзны позірк на нашы дзіцячыя свавольствы засталіся ў памяці назаўсёды. Кім бы я была Без твайго святла, Без твайго крыла, Мая школа?..

На старых здымках бачым, як каля школьных будынкаў дружна “пазіруюць” настаўнікі і вучні. Позіркі ў дзяцей адкрытыя і светлыя, у настаўнікаў – добрыя і ветлівыя.

 

Вучні 3 класа Дубінской васьмігадовай школы з першым настаўнікам Р. Ц. Цыганковым, 1965-1966 навучальны год.

У канцы 60-х – пачатку 70-х гадоў у раёне было 37 васьмігадовых, 37 пачатковых школ і 14 сярэдніх. Толькі ў маім родным калгасе “Зара” былі тры васьмігадовыя школы: Чабайская, Узбалацкая і Дубінская. Прэстыж кожнай з іх быў высокі. У канцы 80-х гадоў колькасць васьмігодак зменшылася на 9, а пачатковых школ – на 20.

Час няўмольна бяжыць наперад і ўносіць свае карэктывы. Сёння ў раёне засталіся 13 сярэдніх, адна базавая ўстанова і гімназія.

Калі праязджаеш па населеных пунктах Валожыншчыны, то міжволі звяртаеш увагу на панурыя, пакінутыя будынкі былых школ. Некаторыя з іх набылі новых гаспадароў, якія хутка прыстасавалі школьныя памяшканні пад сучасныя паслугі. Але калі пераступаеш парог былой роднай школы, то ў памяці ажываюць вясёлыя дзіцячыя галасы, чуецца скрып палавіц ад гучнага грукатання ног гарэзлівых першакласнікаў.

Многіх школьных будынкаў сёння мы не ўбачым, таму што яны зніклі. Ажывіць іх могуць толькі ўспаміны былых вучняў, мясцовых жыхароў і фотаздымкі, на якіх адлюстраваны старонкі школьнага летапісу.

Вось спіс сельскіх школ, якія дзейнічалі на тэрыторыі Валожынскага раёна ў 1978 годзе: Даўбенеўская, Вайганаўская, Шчалканаўская, Румская, Лінкоўская, Навасёлкаўская, Высокская, Дорская, Пугачоўская, Філіпіняцкая, Проўжальская, Шыкуцёўская, Падневіцкая, Вяліка-Крывіцкая, Узбалацкая, Чабайская, Лоская, Дубінская, Сівіцкая, Няроўская, Суднікаўская, Сугваздаўская, Запур’еўская, Курдуноўская, Чэхаўшчынская спецшкола-інтэрнат, Караліноўская, Пярэжарская, Кражынская, Брылькоўская, Душкаўская, Захажэўская, Мішанская, Сазонаўшчынская, Раднікоўская, Карнюткаўская, Манькаўшчынская, Мысцішчынская (гэта васьмігодкі), Багданаўская, Гіравіцкая, Каменская, Падбярэзская, Ракаўская, Яршэвіцкая, Пяршайская, Вішнеўская, Сакаўшчынская, Забрэзская, Гародзькаўская, Ластаянаўская (сярэднія) і 37 пачатковых.

Спадзяёмся, што артыкул будзе мець працяг. Запрашаем да размовы былых выпускнікоў сельскіх школ. Чакаем вашых фотаздымкаў і ўспамінаў пра родную школу.

Ніна БОБРЫК,
навуковы супрацоўнік
Валожынскага
краязнаўчага музея,
былая выпускніца Дубінской васьмігадовай школы