Ёсць такая прафесія — справядлівасць аднаўляць

Без рубрики Общество

6 снежня адзначаецца Дзень Юрыста

Жанна Пятроўна ПАЛЬЧЭЎСКАЯ – добра вядомы чалавек у раёне, прафесіянал у сваёй галіне з вялікай літары. Больш за два дзесяцігоддзі яна адпрацавала юрыстам ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Зараз працягвае прафесійную дзейнасць у ААТ “Адамова-агра”. Юрыспрудэнцыя стала для яе работай мары.

У дзяцінстве яна вельмі любіла чытаць дэтэктывы і ўяўляла сябе ахоўніцай закону – то міліцыянерам, то следчым. У старэйшых класах цвёрда вырашыла, што будзе працаваць на прадпрыемстве і абараняць яго правы. Нягледзячы на атэстат з адной чацвёркай, паступіць адразу на юрфак не ўдалося. Аднак адступаць – не ў яе правілах: паехала вучыцца ў Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж на факультэт правазнаўства і скончыла яго з чырвоным дыпломам. Кожны раз на занятках лавіла сябе на думцы, што  выбар зрабіла правільны: веды даваліся лёгка, а сама вучоба прыносіла задавальненне. Пазней яна атрымала і спецыяльную вышэйшую адукацыю.

 На работу юрыстам прыехала ў родныя мясціны – у ААТ “Багданаўскае” даўно мелі патрэбу ў такім спецыялісце. Сёння Ж. П. Пальчэўская з удзячнасцю ўспамінае Вольгу Фадзееўну Стасяловіч, якая тады працавала юрыстам ва ўпраўленні райсельгасхарчу і стала для яе харошым настаўнікам у прафесійным станаўленні. А праз чатыры з паловай гады Жанна Пятроўна і ўвогуле заняла яе месца – вось такі давер быў аказаны таленавітай вучаніцы!

У раёне ў той час было 26 гаспадарак. Што больш за ўсё памятаецца – рэарганізацыя сельгаспрадпрыемстваў: далучэнне, раздзяленне, выдзяленне, пераўтварэнне, перадача інвестарам. Кваліфікаваных кадраў на вёсцы не хапала, таму даводзілася аказваць кансультацыйную юрыдычную дапамогу, пастаянна сачыць за зменамі ў кодэксе і заканадаўстве. Гэта цяпер можна зайсці ў Інтэрнэце на прававы партал і даведацца аб тым, у чым маеш патрэбу. А напрыканцы 90-х гадоў асноўнай заканадаўчай базай была друкаваная літаратура, а яе трэба было заказваць. Яшчэ адзін кірунак дзейнасці юрыста сельгасупраўлення – кадравая работа: узгадненне кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў, рэзерв кадраў, мэтавая падрыхтоўка выпускнікоў, працаўладкаванне маладых спецыялістаў.

Самым асноўным у сваёй паўсядзённай справе прафесіянал лічыць захаванне заканадаўства ў гаспадарчай і працоўнай дзейнасці. “Работа ў мяне цікавая і творчая – кожны дзень зносіны з людзьмі, трэба прымяніць закон у патрэбным кірунку, – кажа Жанна Пятроўна. – Працаваць падабалася і падабаецца – люблю аднаўляць справядлівасць”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ