Пакінуў адмысловы, добры след…

Общество

«Граматны, адказны, прафесіянал сваёй справы», – так гавораць калегі пра маёра ўнутранай службы запасу раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віктара Казіміравіча ЧУЙКО.

Віктар Казіміравіч з 1995 працаваў начальнікам аховы ваенізаванай пажарнай часці. Пасля ваенізацыі пажарнай службы працягнуў працаваць у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. За бездакорную службу і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» III ступені, юбілейным медалём «150 гадоў пажарнай службе Беларусі», а таксама шматлікімі Ганаровымі граматамі, граматамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і ўстановы «Мінскае абласное ўпраўленне МНС». За доўгую службу на рахунку Віктара Казіміравіча не адзін дзясятак пажараў, некалькі выратаваных чалавечых жыццяў.

Віктар Казіміравіч памятае кожны год, месяц і нават дзень службы. Гэта не забываецца. У той час у пераважнай большасці насельніцтва ацяпленне было пячное, і з надыходам халадоў у пажарных пачыналася «гарачая пара». У рады выратавальнікаў Віктар Чуйко трапіў у кастрычніку 1995 года і баявое хрышчэнне атрымаў на першым жа дзяжурстве. У вёсцы Рубеж гарэлі дом і гаспадарчая пабудова. Па звестках, у доме былі дзеці. Галаву маладога выратавальніка свідравала адна толькі думка – паспець выратаваць. На шчасце, абышлося без ахвяр. На месцы відавочцы сказалі брыгадзе, што дзеці выбраліся з дома самі. Хуткая медыцынская дапамога нікому з іх не спатрэбілася. Па словах Віктара Казіміравіча, раней пажары ўспыхвалі практычна кожны дзень: то дамы, то хлявы, то тарфянікі, то сухая расліннасць…

З моманту, як прыйшоў на службу, памянялася многае. Бытавыя ўмовы выратавальнікаў сталі намнога лепшымі і зручнейшымі. І гэты момант вельмі важны. Цяпер не трэба траціць лішнія хвіліны на тое, каб, скажам, прыгатаваць сабе ежу. А як разумеем, час для людзей, якія ратуюць жыцці, вельмі дарагі! Закуплены новая тэхніка і абсталяванне, якое нашмат спрасціла работу.

Сярод пазітыўных момантаў В. К. Чуйко адзначае і тое, што шмат увагі надаецца актыўнаму адпачынку выратавальнікаў. Яго як ветэрана службы радуе вялікі аб’ём працы, што праводзіцца з маладым пакаленнем. Пажарныя сёння – частыя госці ў школах. Ён і сам у свой час з задавальненнем праводзіў навучальныя мерапрыемствы з дзецьмі. Дзеці – наша будучыня. І якімі яны стануць людзьмі, шмат у чым залежыць ад нас.

Дэвіз выратавальнікаў – «Прафесіяналізм. Адвага. Гонар». Для кагосьці гэта прыгожая фраза, а для героя аповеду – сэнс жыцця. Сёння Віктар Казіміравіч на пенсіі, пайшоў на заслужаны адпачынак у 2017 годзе. Але работнікі аддзела памятаюць калегу і заўсёды рады сустрэчы з ім.