У Валожыне прайшлі спаборніцтвы па біятлоне сярод кіраўніцкага складу раёна

2021 - Год народнага адзінства Главное Общество Спорт

23 студзеня на стадыёне сярэдняй школы № 2 г. Валожына прайшлі прысвечаныя Году народнага адзінства спаборніцтвы па біятлоне сярод кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна. Паспрачацца за права звацца самымі хуткімі, спрытнымі і трапнымі на лыжні і ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі сюды прыбылі больш за 40 чалавек.

 

Удзельнікаў спартыўнага фэсту прывіталі старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Круковіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік, намеснікі старшыні райвыканкама Ігар Шакун і Вольга Багатырова. Адкрыў мерапрыемства кіраўнік дэпутацкага корпуса Валожыншчыны. Пётр Іосіфавіч парадаваўся, што, нягледзячы на складаны эпідэміялагічны час, людзі не спалохаліся сабрацца разам, каб цікава і з карысцю для здароўя правесці вольны час, падзякаваў арганізатару мерапрыемства — упраўленню па адукацыі, спорце і турызму райвыканкама, а ўдзельнікам пажадаў паспяховага старту і ўпэўненай перамогі. Пасля таго, як заціхлі апошнія гукі Дзяржаўнага гімна, галоўны суддзя спаборніцтваў Дзмітрый Ажарэльеў аб’явіў спартсменам гатоўнасць №1.

Забегі ладзіліся ва ўзроставых катэгорыях да і пасля 45 гадоў як для мужчын, так і для жанчын. Па ўмовах, удзельнікі на лыжах павінны былі на хуткасць пераадолець тры кругі з двума агнявымі рубяжамі і на кожным з іх пяццю выстраламі з пнеўматыкі закрыць пяць мішэняў. Колькі промахаў — столькі дадатковых штрафных кругоў. Таму, вядома, кожны стараўся страляць трапна. Па справядлівасці трэба зазначыць, што без прывычкі давалася гэта ўдзельнікам няпроста. Тым не менш, з рознымі вынікамі, але завяршылі спаборніцтвы ўсе.

Прапануем паглядзець, як гэта адбывалася:

 

 

Пасля завяршэння стартаў надышла пара ўзнагароджання. Урачыстую цырымонію ўручэння дыпломаў і медалёў правёў старшыня райвыканкама Яўген Міхайлавіч Круковіч.

У мужчын ва ўзроставай групе да 45 гадоў першае месца заняў дырэктар КУП «Валожынскі РКБА» Дзмітрый Ціганін, другім фінішыраваў дырэктар сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя Павел Хількевіч, а тройку лідараў замкнуў дырэктар КСУП «Валожынскае» Генрых Палойка.

Лепшымі сярод жанчын у гэтай жа катэгорыі сталі загадчык сектара ЖКГ райвыканкама Таццяна Занямонец, галоўны бухгалтар райвыканкама Наталія Жукоўская і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганна Канановіч.

У групе пасля 45 гадоў лідарства ў біятлоне сярод мужчын пацвердзілі начальнік аддзела землеўпарадакавання раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Протас, дырэктар СШ №2 райцэнтра Аляксандр Уланчык і дырэктар КСУП «Сакаўшчына-Агра» Іван Янюк. Дарэчы, Іван Уладзіміравіч быў прызнаны яшчэ і самым узроставым удзельнікам спаборніцтваў, так што яму гэты дзень прынёс аж два медалі!

Сярод жанчын першае, другое і трэцяе месцы занялі адпаведна начальнік Валожынскага ўчастка Маладзечанскага РВПС Мінскага філіяла РУП «Белпошта» Людміла Шаўрэй, дырэктар першай гарадской сярэдняй школы Ірына Чаховіч і дырэктар гімназіі № 1 г. Валожына Алена Клачко.

На працягу ўсяго мерапрыемства стваралі настрой яго ўдзельнікам работнікі раённага цэнтра культуры, а таксама народны гурт народнай песні «Сваякі».

Магчымасць папоўніць сілы смачнай і гарачай ежай прадаставіла выязная гандлёвая група Валожынскага райспажыўтаварыства.

Сяргей САДОЎСКІ, фота Сяргея БОБРЫКА.