КОЖНЫ ДЗЕНЬ – МАЛЕНЬКАЯ ПЕРАМОГА

Общество

Пакрыўджаныя лёсам людзі ўмеюць цярпець, яны навучаны спадзявацца і хочуць адчуваць сябе не абузай грамадства, а яго членамі, няхай слабейшымі, але вартымі павагі і любові. Вось якраз гэта і рэалізоўваецца ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў, якое ўжо чатыры гады працуе ў райцэнтры. Напярэдадні Дня інвалідаў наведвальнікаў аддзялення чакае асабліва цікавы час: новыя знаёмствы, сустрэчы і, вядома ж, падарункі.

Больш за паўсотні чалавек прайшлі ў аддзяленні рэабілітацыю. Многія з іх атрымалі тут працоўныя навыкі, навучыліся абслугоўваць сябе, раскрыліся, як творчыя натуры. Сёлета напярэдадні Дня інвалідаў лепшыя работы выхаванцаў аддзялення ўзяты на рэспубліканскую выставу-фестываль мастацкіх вырабаў “Свет надзеі”.

Складана атрымаць перамогу над самім сабой, над сваімі заганамі і слабасцямі. Не кожнаму здароваму чалавеку гэта ўдаецца, а вось большасць інвалідаў, іх бацькі і педагогі штодзень заваёўваюць маленькую, але такую значную вышыню. Хтосьці навучыўся ўпраўляцца з непаслухмянымі пруткамі для вязання, іншы – самастойна рабіць аж тры дадатковыя крокі… А яшчэ заўважана, што тут умеюць радавацца чужой удачы, як сваёй, і ўмеюць шчыра спагадаць. Асабліва яскрава гэта праяўляецца ў час візіту ў аддзяленне малых з цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Звычайна такое мерапрыемства адбываецца напярэдадні Дня інвалідаў. Не будзе выключэннем і сёлетні год. І гаспадары, і госці ўжо паклапаціліся пра сюрпрызы, падарункі. Старэйшыя: Таццяна Баўтрэль, Сяргей Круглік, Ларыса Радзівілка, Валера Саевіч, Дзяніс Цярэшка пакажуць лялечны спектакль, дзеці – Анечка Рай і Насця Саўчук выканаюць песні і танцы. Дарэчы, артыстам з аддзялення ёсць на каго раўняцца: яны ездзяць на канцэрты, экскурсіі. Нядаўна пабывалі ў Лідзе, зараз збіраюцца ў Вілейку на фестываль дзіцячай творчасці. Пасля кожнай паездкі самыя яркія ўражанні і памятныя канцэртныя нумары дружна абмяркоўваюцца.

Многія грамадскія арганізацыі і калектывы сябруюць з наведвальнікамі аддзялення. Даўняя дружба звязвае маладых інвалідаў і раённую арганізацыю БРСМ, якая склалася падчас сумесных выездаў на прыроду, правядзення інтэрактыўных шоу. БРСМаўцам актыўна дапамагаюць валанцёры з СШ № 2. Члены раённага аб’яднання “Белая Русь” ужо правялі мерапрыемства для інвалідаў у гімназіі № 1.

Да Дня інвалідаў у аддзяленне абавязкова прыйдуць прадстаўнікі таварыства Чырвонага Крыжа і валанцёрскі атрад “Прымула” з Дорскага ВПК. Не застануцца ўбаку ад дабрачыннай работы і работнікі культуры – маладых інвалідаў у цэнтральнай бібліятэцы чакаюць цікавыя віртуальныя падарожжы і рэальныя гасцінцы.

Па меры таго, як у раёне набірае абароты сацыяльная работа з інвалідамі, пашыраецца і кола дабрачынцаў. Спонсарскую дапамогу аказваюць МАУП “Падбярэззе”, КУП “Сівіца”, кандытарская фабрыка “Івкон”. Заўсёды значныя грашовыя сродкі з раённага бюджэту выдзяляе райвыканкам і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Ды і колькасць людзей, хто ў індывідуальным парадку дапамагае інвалідам, штогод павялічваецца.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *