РЫЦАРЫ І ЛЭДЗІ – У ОРДЭН МАЛАДЫХ…

Молодежный курьер

Чарговая сустрэча маладых спецыялістаў адбылася нядаўна на абласной спартыўна-аздараўленчай базе “Галактыка”, што ў Ракаве. Прымеркаванае да гэтага мерапрыемства было арганізавана аддзелам па справах моладзі райвыканкама, раённым камітэтам ГА “БРСМ” пры падтрымцы райкама прафсаюзаў АПК, а непасрэднымі ўдзельнікамі сталі тыя, хто зусім нядаўна ўліўся ў працоўныя калектывы Валожыншчыны. Дакладней, згодна сцэнарыю праграмы, Валожынскага каралеўства…

35 чалавек, якіх прадпрыемствы і арганізацыі дэлегавалі на маладзёжны фэст, прыбылі на месца ў 18.00. Заставалася яшчэ гадзіна да афіцыйнага старту мерапрыемства, таму з камфортам рассяліліся па нумарах, пераапрануліся, прывялі сябе ў парадак і сталі паціху збірацца ў святочнай зале, дзе і разгарнулася асноўная дзея. Неўзабаве прагучалі прывітальныя словы вядучых, а па сумяшчальніцтву – распрацоўшчыкаў сцэнарыя і ініцыятараў шматлікіх запамінальных конкурсаў – старшага дзяржаўнага падатковага інспектара інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Валожынскім раёне Святланы Равінскай, работнікаў сферы культуры Кацярыны Макей і Андрэя Барыгіна. Яны і агучылі тэму свята – “Пасвячэнне рыцараў і лэдзі ў Ордэн маладых спецыялістаў Валожынскага каралеўства”.

Парадавалі прысутных песенныя нумары ў выкананні Кацярыны Макей. Хвалю захаплення віртуозным валоданнем дудачкай выклікаў сваімі выступленнямі лаўрэат міжнародных конкурсаў Андрэй Барыгін. А пазней пачаўся сам рытуал пасвячэння. Першым яго этапам стала выпрабаванне для лэдзі. І трэба сказаць, дастаткова нялёгкае і арыгінальнае. Добраахвотніцы павінны былі ўзяць стужку ў левую руку і, не адпускаючы яе, перамясціцца ў прасторы так, каб на стужцы завязаліся 4 вузлы. Напачатку прыгажуні трохі разгубіліся, але, як сапраўдныя рыцары, на дапамогу ім прыйшлі прадстаўнікі мужчынскай паловы залы – і разам паспяхова завяршылі справу. У другім этапе выпрабоўвалі ўжо маладых людзей. Ім заданне выпала не менш цікавае – “сшыць” дзяўчат той жа стужкай, прычым так, каб яе канцы нідзе не былі бачныя. Са смехам і весялосцю справіліся юнакі са сваёй місіяй хутка. Трэці ж, заключны, этап конкурсу энтузіясты-вядучыя ўвасобілі ў сумесным танцы – надзіва, дарэчы, зладжаным і арганічным.

Як толькі пары “аддыхаліся”, прагучала падвядзенне вынікаў. Як і чакалася, “за бортам” Ордэна маладых спецыялістаў не засталося ніводнага рыцара або лэдзі. Гэты вынік сумесна “замацавалі” ўрачыста-гумарыстычным тэкстам пасвячэння.

Мерапрыемства прадоўжылася дыскатэкай, падчас якой моладзь паўдзельнічала яшчэ ў многіх забаўляльных конкурсах. Тое, што прысутныя атрымалі безліч станоўчых эмоцый, завялі новыя трывалыя знаёмствы, – і так зразумела. Галоўнае, да чаго імкнуліся арганізатары свята, удалося: маладыя спецыялісты адчулі сябе вялікай і моцнай сям’ёй, унутры якой пануюць сяброўства, выручка і ўзаемадапамога.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *