Общество

Напярэдадні новага навучальнага года раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ладзіць дабрачынную акцыю, арыентаваную на шматдзетныя і маламаёмныя сем’і, а таксама на дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў.

Прыняць у акцыі “Дзецям да школы” пасільны ўдзел могуць усе жыхары горада і раёна, мясцовыя прафсаюзныя камітэты. Заклікаем усіх, хто можа і жадае падарыць дзеткам радасць, падзяліцца школьным адзеннем і абуткам, пісьмовымі і спартыўнымі прыстасаваннямі. Калі вы купілі свайму дзіцяці сшыткі, ручкі, фламастэры – купіце штосьці і другім дзеткам, у якіх папросту няма іншай магчымасці гэта займець… Можа, ваша дзіця ўжо вырасла са школьнай формы ці абутку – падарыце гэтыя рэчы іншым. Магчыма, змогуць аказаць пасільную спонсарскую падтрымку і набыць неабходныя для вучобы ў школах рэчы і прафсаюзныя камітэты арганізацый. Не заставайцеся раўнадушнымі да чужой бяды. Сваёй дабрынёй вы абудзіце дабрыню ў іншых людзях: добрыя справы, як і добрыя сэрцы, вечныя, і толькі нашы сумесныя намаганні дапамогуць ад слоў перайсці да справы, міласэрнасць зрабіць нормай жыцця…

Адгукніцеся на нашу просьбу – і 1 верасня 2012 года стане адным з самых шчаслівых дзён для дзетак, якім сапраўды патрэбна дапамога і падтрымка.

Чакаем вас з падарункамі па адрасе: г. Валожын, вуліца Партызанская, 6а. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне: 54-9-40.

Жанна ЖЫВІЦКАЯ,

выконваючая абавязкі старшыні раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *