ВАЛАНЦЁРАМ БЫЦЬ ЦІКАВА

Молодежный курьер

Кожны з нас хоць раз у жыцці рабіў карысныя справы. А галоўнае – не патрабаваў за гэта нічога ўзамен. Зараз існуюць цэлыя атрады і нават арганізацыі валанцёраў.

Гэта людзі-альтруісты, якія шчыра лічаць, што не ўсё ў жыцці вымяраецца грашамі. Ёсць сітуацыі, калі дапамога патрэбна тым, хто не можа заплаціць, аддзячыць, заахвоціць. А гэта значыць, яна павінна быць дабрачыннай.

У раёне валанцёрскі рух актыўна развіваецца. Існуюць атрады пры раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і на базе навучальных устаноў. Аднак у большасці гэта школьнікі. А варта было б далучыць да руху і прадстаўнікоў працоўнай моладзі. Менавіта гэта і шэраг іншых пытанняў разглядаліся на нядаўнім семінары валанцёраў у раённай бібліятэцы. Пра асноўныя накірункі работы расказала валанцёр са стажам – начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Вераніка ЗАГОРСКАЯ:

– Стварэнне ў раёне атрада хуткага рэагавання з ліку працоўнай моладзі, які б аператыўна ўключыўся ў любы від валанцёрскай дзейнасці, асабліва ў час надзвычайных або экстранных сітуацый, – пытанне, якое стала асноўным на семінары. Таму і запрасілі на сустрэчу актыўных маладых спецыялістаў з мясцовай воінскай часці, райбальніцы, лясгаса, райспажыўтаварыства, аддзелаў культуры і адукацыі райвыканкама.

Іх веды, пэўны вопыт могуць спатрэбіцца іншым. Адны здольны навучыць аказваць даўрачэбную медыцынскую дапамогу, іншыя – авалодаць камп’ютарам, арганізаваць тэматычную дыскатэку, правесці майстар-клас па вырабе пэўных рэчаў, або проста наведаць і пагутарыць з тымі, каму патрэбны словы падтрымкі. Навучанне па арганізацыі дзейнасці ў такім атрадзе правядуць вопытныя барысаўскія валанцёры, якіх плануем запрасіць у хуткім часе. Пэўныя веды і вопыт можна будзе набыць і ў валанцёрскім лагеры. Некаторыя з прысутных адразу зацікавіліся нашай прапановай, бо былі ўдзельнікамі валанцёрскіх атрадаў у студэнцкія гады. Рэзервовы атрад арганізуем і з ліку першакурснікаў сельскагаспадарчага ліцэя.

Дагэтуль актыўна працавалі валанцёрскі атрад “Прымула” Дорскага НПК, які прапагандуе здаровы лад жыцця, і валанцёры з СШ № 1 райцэнтра, асноўны накірунак дзейнасці якіх – збор ахвяраванняў. Дарэчы, шасці валанцёрам-дзевяцікласнікам і двум педагогам СШ № 1 сёлета 1 верасня ва ўрачыстай абстаноўцы ветэран валанцёрскага руху раёна Жанна Мікалаеўна Жывіцкая ўручыла пасведчанні.

Асноўная мэта семінара – зацікавіць моладзь валанцёрскім рухам. Удзельнікі атрада хуткага рэагавання пад эгідай аддзела па справах моладзі будуць працаваць над новай ініцыятывай і прыдумваць свой валанцёрскі праект. Нагадаю, што першая ініцыятыва – партнёрскі праект па сацыяльнай адаптацыі дзяцей, якія знаходзяцца ў сем’ях у сацыяльна небяспечным становішчы, і псіхолага-педагагічнай рабоце з такімі бацькамі ў мінулым годзе быў прызнаны лепшым у вобласці. На яго рэалізацыю дорцы атрымалі гранд – 4 мільёны рублёў.

Валанцёрам быць цікава, карысна і нават выгадна. Ёсць магчымасць удзельнічаць у розных трэнінгах, семінарах, форумах як рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўню. Тым абітурыентам, хто мае валанцёрскае пасведчанне, дабаўляецца бал пры паступленні, могуць выдзеліць пазачаргова і інтэрнат. Далучыцца да валанцёрскага руху проста: звярніцеся ў раённую арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і дабравольна прапануйце сваю дапамогу.

Матэрыял да друку падрыхтавала

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *